Гартаючы памятны фотаальбом, састаўлены А.Ф.Кавалевым у 1979 годзе пра Алеся Пальчэўскага, акунаешся ў эпоху 20 стагоддзя. Чорна-белыя фотаздымкі роднай Уздзеншчыны, вёскі Прусінава, дзе нарадзіўся пісьменнік, здымкі аднагрупнікаў па вучобе, сяброў, родных, з месца работы ў рэдакцыі, здымкі з калегамі па пяру, на адпачынку… Углядаешся у твары людзей, наваколле, чытаеш урыўкі твораў Алеся Восіпавіча, смакуеш кожнае слова:
“Перад вачыма адкрываюцца незабыўныя мясціны: налева – палі, пералескі і ўсё той жа цёмны лес, што цягнецца бясконца на ўсход, а направа - выганы з альховымі кудзеркамі, дзе ў вясну пяюць салаўі, азяркі з вербалозамі на берагах і наднёманскія лугі з векавымі дубамі і буслінымі гнёздамі на іх. І Нёман…” (з кн. “Сцежкі”)
Ад роднага дома, ад берагоў сівога Нёмана, ад песні, якую спявала над калыскай маці пачынаецца Радзіма ў чалавека. Так ў студзені 1905 г. у вёсцы Прусінава Уздзенскага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся талент, імя якому Алесь Пальчэўскі. Працавіты бацька Восіп Рыгоравіч жыў па правілу: “Дапамагай людзям ў бядзе, каб людзі дапамаглі і табе. За дабро, зробленае табе – адплаці дабром. На гэтым трымаецца чалавечнасць”. Чулай душы матуля Алена Фёдараўна людскую бяду прымала за сваю. “Светлы вобраз бацькоў я пранёс праз усе нягоды і радасці свайго жыцця”, - пісаў Алесь.
Жыццёвыя сцежкі, дарогі вядуць нас у будучыню. Ад беднага і галоднага дзяцінства, з любоўю да роднага краю, вялікай чалавечнасці, узгадаванай бацькамі, пачынаецца творчы шлях пісьменніка. Бацька дапамог сваім сынам зразумець і ацаніць друкаванае слова, хацеў, каб дзеці былі граматнымі. Алесь навучыўся чытаць і кнігі запаланілі яго душу. Пушкін, Гогаль, Тургенеў, Талсты. Пазней знаёмства з беларускімі кнігамі – “Родныя з’явы” Я.Коласа, “Шляхам жыцця” Я.Купалы, “Вянок” М.Багдановіча, “Курганная кветка” К.Буйло. Алесь становіцца актыўным культармейцам у роднай вёсцы, дапамагае ліквідаваць непісьменнасць, збірае падпіску на газеты і пачынае пісаць сам. Жыццё просіцца на паперу і Алесь піша апавяданні, замалёўкі, вершы. Падтрымку атрымлівае ад Змітрака Бядулі і Андрэя Александровіча. Першае апавяданне “Ахвяра” з’явілася ў 1926 годзе на старонках “Маладога аратага”, гэта час, калі Алесь вучыцца на рабфаку, пасля яго – літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ.
Закончыўшы ўніверсітэт – праца ў рэдакцыях “Кааперацыя БССР”, “Шляхі калектывізацыі”, “Іскры Ільіча”. І побач – крокі ў літаратуры: п’есы для школьнай самадзейнасці, апавяданні для дзяцей. Новы значны талент у літаратуры творча і плённа працуе, калі здараецца страшная падзея: па злоснаму паклёпу пісьменнік гвалтоўна і надоўга выключаны з творчага жыцця, адарваны ад роднагай зямлі і праводзіць дзесяць гадоў зняволення ў лагеры ў Сібіры.
“За далёкі лес, ды за сіні бор
Закацілася сонца яснае.
Ці змяняю я на пяро тапор,
Ці дажджуся я дзенька шчаснага?
Заўтра раненька сонца ўзыдзе зноў
Азалоціць лес, палі спелыя.
За адзін дзянёк шмат аддаць гатоў
Каб пажыць ў краі Русі Белае”.
“Тысячы кубаметраў напілаваных дроў-швырку, руднічнай стойкі, чыгуначных шпал, бярвенняў на будоўлю – вось накладная майго багажу, з якім я вярнуўся 4 жніўня 1946 года ў Мінск”, - успамінаў Алесь Пальчэўскі. Судзімасць знята пастановай Вярхоўнага Савета і Алесь Восіпавіч напраўляецца настаўнікам на Пухавіччыну. Нядоўга была радасць волі ў пісьменніка, у 1948 годзе ён паўторна выпраўляецца ў доўгі этапны шлях на ўсход…
“ Я нёс цярпліва гора путы.
Ледзь расквітаўшыся з бядой,
Абмыў у Нёмане пакуты
Крыштальнай жнівеньскай вадой.
Ён даў мне сілы і здароўя
Для працы ў роднай старане
І працаваў, пакуль ізноў я
Не апынуўся аж на дне.
Ізноў знаёмыя дарогі,
Вагон знаёмы, вартавы.
І думкі поўныя трывогі
Не скора выйдуць з галавы…
… І вось цяпер пад пушчы гоман,
Як сэрца рвецца ад тугі.
Перад вачмі плыве мой Нёман,
Мой родны Нёман дарагі”.
Сяло Абан Краснаярскага краю, сямнаццаць гадоў выкраслена з жыцця, атрымана прафесія цесляра і як узнагарода за ўсе нягоды – сустрэча з цудоўным чалавекам, якая стала спутніцай па жыцці – Тамарай Цулукідзэ. Пасля рэабілітацыі Алесь Восіпавіч з жонкаю вяртаюцца ў Мінск. З вялікай энэргіяй пісьменнік бярэцца за работу:
“Не маю я спакою
Згарэць мне хочацца ў творчасці ярчэй:
Каб не балела сэрца больш тугою,
Каб песні радасці ліліся гарачэй…”
Літаратурны супрацоўнік газеты “Зорька”, рэдактар мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве, адказны сакратар часопіса “Вясёлка” – за вялікую работу і ўзнагароды: ганаровыя граматы і падзякі.
Прафесія цесляра дапамагла перабудаваць бацькоўскую хату ў роднай вёсцы Прусінава. Цяпер тут і адпачынак і надхненне для творчай працы.
“Я зноў на родных нівах,
Іду па родных гонях.
Даўно, даўно шчаслівым
Быў я такім, як сёння.
…Бярэзіна старая
Пасаджаная братам,
Прыветліва вітае
Мяне ля роднай хаты…”
У гэты час многа пішацца, выходзяць у свет кнігі “Родныя берагі”, “Беражанкі”, “Аля і Галя”, “Дым над лесам”, “Жнівеньская раніца”, “Былі ў маці сыны”, “Запознены пасаг” і інш. У апавяданнях скрозь адчуваецца самабытнасць таленту, клопат пра слова, пошук сваёй інтанацыі, шчырае ўсхваляванне лёсам людзей.
Разглядаю фотаздымкі пісьменніка на сустрэчы з юнымі чытачамі, адчуваецца усхваляванне школьнікаў, бо гэта ж сустрэча з чалавекам, які піша пра жыццё такі х жа, як яны. Аўтар твораў таксама узрадаваны, ён расказвае дзецям пра творчасць, пытаецца як жывуць савецкія піянеры. Вучні пішуць лісты да аўтара: “Дарагі Алесь Восіпавіч! Сваімі кнігамі Вы дапамагаеце нам пазнаць жыццё і выхоўваць у сабе лепшыя рысы чалавека…” (з ліста Мінскага палаца піянераў і школьнікаў). І гэта мабыць лепшая падзяка пісьменніку – яго ведаюць, чытаюць, яго творы вучаць быць годным чалавекам на зямлі!
У памятным фотаальбоме знаходзім фота і словы падзякі, віншаванні ад творчых калектываў, бібліятэкараў, Саюза пісьменнікаў і ад сябраў па пяру:
“Не зломіць таго бура,
Не засыпле і завея, -
Хто на Нёмане радзіўся,
Той заўсёды маладзея”. Адам Русак
Так, бацька наш Нёман узгадаваў многіх пісьменнікаў, паэтаў, творчых асоб на Узденскай зямлі і адным з такіх магутных волатаў стаў Алесь Пальчэўскі.
Бібліятэка раённай гімназіі да юбілея пісьменніка-земляка падрыхтавала выставу-успамін “Родныя берагі Алеся Пальчэўскага”. Адметным у выставе з’яўляецца тое, што на ёй экспануюцца кнігі, матэрыялы і асабістыя рэчы юбіляра, якія беражна захоўваюцца ў гімназіі.
Загадчыца бібліятэкі гімназіі Бельская І.В.
Бібліяграфія:
- Краязнаўчы альбом Алесь (Аляксандр Восіпавіч) ПАЛЬЧЭЎСКІ / аўт.-саст. А.Ф.Кавалеў. – СБШ. – 1979. – Інв. № 543.
Комментарии
Отправить комментарий